У Полацку адбыўся тэматычны вечар, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння беларускага пісьменніка-франтавіка.

Актуальное Культура

У гарадскім Палацы культуры адбыўся тэматычны вечар «Алесь Савіцкі: партрэт пісьменніка і чалавека», прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння беларускага пісьменніка-франтавіка.

Падзеі, якія адбываюцца ў жыцці грамадства, наўпрост звязаныя з дзейнасцю асобных лю­дзей, якія пакідаюць след. Такім чалавекам для Полацка стаў Аляксандр Ануфрыевіч Савіцкі, беларускі празаік і грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ганаровы грамадзянін горада Полацка.

Успомніць славутага земляка, яго творчы і жыццёвы шлях прыйшлі школьнікі, члены літаратурных аб’яднанняў Полаччыны, Саюза пісьменнікаў Беларусі, у тым ліку ганаровыя госці — Святлана Валюшкіна, намеснік старшыні Полацкага райвыканкама, Тамара Краснова-Гусачэнка, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

Да прысутных звярнулася Святлана Міхайлаўна: «У жыцці кожнага горада ёсць вызначальныя асобы, людзі, якія здольныя весці за сабой. Менавіта такім чалавекам быў і застаецца ў нашых сэрцах і розумах сапраўдны палачанін, чалавек, які да канца сваіх дзён заставаўся патрыётам. Ён вельмі шмат зрабіў для таго, каб пра наш горад даведаліся. Людзі, якія перажылі вайну, асаблівага складу, яны шанавалі і шануюць кожную хвіліну свайго жыцця і разумеюць, як аддзяліць збожжа ад пустазелля, як казаць пра важнае, а на дробязі не звяртаць увагу — гэта і ёсць галоўны ўрок, які Алесь Савіцкі пакінуў кожнаму з нас».

Алесь Савіцкі нара­дзіўся 8 студзеня 1924 года ў сям’і кадравага афіцэра, дзе раслі чацвёра дзяцей. Любоў да маці ён пранёс праз усё жыццё. У канцы 1939 г. сям’я пераехала ў Гродна. Там у 1941 г. Алесь скончыў восьмы клас. А ў пачатку вайны сям’я вярнулася ў Полацк. Ваяваў у партызанскім атра­дзе «Смерць фашызму», з 1943 года — камандзір падрыўной групы атрада «Бальшавік» брыгады імя Варашылава на Віцебшчыне. У 1944-1945 гадах Алесь Савіцкі ў шэрагах рэгулярнага войска ўдзель­нічаў у вызваленні Літвы, Польшчы, у баях за ўзяцце Берліна. Быў тройчы паранены. Пасля дэмабілізацыі працаваў у рэдакцыі полацкай газеты «Бальшавіцкі сцяг».

Скончыў Літаратурны інстытут у Маскве, аспірантуру. Ён аўтар 10 раманаў, 13 аповесцей, шматлікіх апавяданняў. Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1961 г. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», Славы III ступені, медалём Францыска Скарыны і іншымі. За трылогію «Дзівосы Лысай гары» пісьменнік атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэс­публікі Беларусь. У Полацку ў 2016 г. бібліятэка-філіял №9 і заснаваная літаратурная прэмія атрымалі імя пісьменніка.

…Падчас мерапрыемства гучалі вершы ў гонар славутага земляка, урыўкі з яго аповедаў, а танцавальныя, музыкальныя і тэатралізаваные замалёўкі ў выкананні творчых калектываў устаноў культуры і адукацыі Полацкага раёна дапамаглі бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй жыцця і творчасці беларускага пісьменніка.
Тамара Краснова-Гусачэнка зачытала прывітальны адрас ад Прэзідыума, Праўлення і старшыні грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Алеся Карлюкевіча: «Апавяданні Алеся Ануфрыевіча Савіцкага з’яўляюцца аднымі з лепшых узораў айчыннай літаратуры, праўдзівае, натхнёнае слова пісьменніка стала здабыткам культурнай спадчыны ўсёй краіны. Ідучы ад праўды жыцця, ён сваім талентам і актыўнай пазіцыяй самааддана служыў Радзіме і застаецца прыкладам для маладога пакалення», — значылася ў звароце.
Тамара Іванаўна падзялілася ўспамінамі свайго знаёмства і сяброўства з Алесем Савіцкім, зачытала свае вершы, а таксама выказала словы падзякі кіраўніцтву Полацкага райвыканкама і ўсім тым, хто ініцыяваў і здзейсніў правя­дзенне мерыпрыемстваў у гонар Алеся Ануфрыевіча.

Праходзяць мерапрыемствы не толькі на Полаччыне, але і ў іншых гарадах Беларусі. Так, у Мінску ў Цэнтральным Доме афіцэраў Узбро­еных Сіл Рэспублікі Беларусь адбыўся тэматычны вечар «Алесь Савіцкі — партызан, пісьменнік, франтавік і чалавек», адным з арганізатараў якога стаў сябар Алеся Ануфрыевіча — Навум Гальпяровіч, беларускі паэт, публіцыст, журналіст, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, ганаровы грамадзянін горада Полацка.

Алена Астапава, начальнік аддзела культуры Полацкага райвыканкама:
— Яшчэ за месяц да памятнай даты ў Полацкім раёне стартаваў праект «Алесь Савіцкі — палачанін на ўсё жыццё». У ім прымаюць удзел музеі, бібліятэкі, установы адукацыі. У сацыяльных сетках па ініцыятыве супрацоўнікаў полацкага Краязнаўчага музея арганізаваны відэачэлендж, а таксама таймлайн па кнігах літаратара. Кожны палачанін можа прыняць удзел і ў напісанні літаратурнага «Канспекта «на вешалцы», аснову якога складаюць цытаты з твораў пісьменніка. Адным з мерапрыемстваў у рамках праекта стане конкурс чытальнікаў, якія будуць дэкламаваць урыўкі з кнігі Алеся Савіцкага «Карабін». У бібліятэках Полаччыны пройдуць разнапланавыя мерапрыемствы. Цэнтральная раённая бібліятэка імя Францыска Скарыны запрашае прыняць удзел у сеткавай акцыі «Чытаем Алеся Савіцкага».