Полацк на два дні ператварыўся ў пляцоўку для рэалізацыі творчых ідэй. У Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур праходзіў абласны семінар-практыкум у рамках праекта «Віцебшчына: гісторыя, культура, спадчына». Яго асноўная мэта — паказаць багатую культурна-гістарычную спадчыну Віцебскай вобласці, стварыўшы кнігу з мноства лапікавых старонак.
-Месца для правядзення семінара абрана не выпадкова. Бо менавіта ў Полацку дзейнічае вядучы на Віцебшчыне клуб лапікавага шыцця. Дзякуючы задумкам Ніны Іосіфаўны Ярмух, сусвет убачыла мноства цікавых праектаў, — тлумачыць Таццяна Лапкова, вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.
На семінар у Полацкі ЦРНК прыехалі каля 20 майстроў з Віцебскай вобласці. Гэта тыя людзі, якія ў сваіх раёнах звязаны з шыццём, з’яўляюцца членамі клубаў рукадзелля, вядуць гурткі.
— Гэта цудоўная магчымасць для майстроў прыдзвінскага краю набыць пэўныя навыкі, даведацца пра новыя тэхнікі, — расказвае Таццяна Анатольеўна.
Кожны ліст кнігі будзе прадстаўляць стылізаваную паштовую марку, выпуск якой быў прысвечаны знамянальным падзеям, сімвалам і аб’ектам архітэктуры Віцебшчыны.
На працягу двух дзён майстрыхі вучыліся тэхнікам, якія немагчыма знайсці ў навучальных дапаможніках і ў інтэрнэце.
— Першы дзень мы прысвяцілі вывучэнню аплікацыі наадварот. Пры дапамозе яе можна зрабіць вельмі хутка плоскасцевую, шматколерную працу. Праўда, на яе стварэнне тканіны трэба крыху больш, чым на вырабы ў іншых тэхніках, — тлумачыць Ніна Ярмух, кіраўнік народнага клуба аматараў лапікавага шыцця «Рошва».
На другі дзень удзельнікі семінара вывучалі асновы тэхнікі піца з элементамі манпасье. Яна дазваляе ствараць сапраўдныя карціны, падобна палотнам мастакоў.
Праект «Віцебшчына: гісторыя, культура, спадчына» рэалізуецца са студзеня па верасень 2023 года. Арганізатарам выступіў Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці пры падтрымцы Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур.
На наступным этапе рэалізацыі праекта майстрыхі павінны будуць даслаць лапікавыя старонкі да ліпеня ў Полацк, дзе ўжо ўдзельнікі народнага клуба «Рошва» збяруць усе работы ў адзіную кнігу, прысвечаную 85-годдзю Віцебскай вобласці.
Крысціна Брэская (г.Паставы):
— У праектах народнага клуба «Рошва» ўдзельнічаю не ў першы раз. Для мяне гэта добры шанец навучыцца нечаму новаму. Ніна Ярмух не перастае здзіўляць. Яна зараджае на творчасць.
Валянціна Мугака (г.п.Ушачы):
— Заўсёды з радасцю прымаю ўдзел ва ўсіх семінарах і майстар-класах па лапікавым шыцці. Калісьці даўно навучылася асновам. А ў Полацку заўсёды ўдасканальваю свае навыкі. Бо толькі народны клуб «Рошва» навучае таму, чаго няма ў інтэрнэце.
Ірына Салаўёва (г.Верхнядзвінск):
— Шыць люблю з дзяцінства. Працавала на швейнай фабрыцы, зараз у Верхнядзвінску вяду гурток для дзяцей. У полацкіх калег заўжды ёсць чаму павучыцца. І, вядома, прыемна ўкласці часцінку сваёй душы ў вялікі праект, прысвечаны 85-годдзю Віцебскай вобласці.
Фото Надзеі КАЛУЖОНАК.