У Полацкім раёне на базе ўнітарнага прадпрыемства «Палімір-Агра» прайшоў раённы фэст «Дажынкі-2014».

Главное

Са старадаўніх часоў вянцом гарачай уборачнай пары збожжавых і зернебабовых культур лічыцца беларускае сялянскае свята «Дажынкі». Цёплая, узнёслая атмасфера, якая звычайна пануе падчас урачыстасці, уздымае прэстыж сельскагаспадарчай працы і прыцягвае ўвагу маладога пакалення да гэтай галіны, забяспечвае прыток новых спецыялістаў у вёску.

У мінулую суботу на базе адной з буйных гаспадарак Полацкага раёна — унітарнага прадпрыемства «Палімір-Агра» — прайшоў раённы фэст «Дажынкі-2014».

Урачыстая часць мерапрыемства праходзіла ў цэнтры аграгарадка «Завозер’е». Госці падзівіліся на тэматычную выставу «Дажынкі-2014», размешчаную на пляцоўцы ля Завозерскага СДК, якую падрыхтавалі Цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур Полацкага раёна і Семянецкая сярэдняя школа.

 Некалькі гадоў таму шматлікія ўкладанні прадпрыемства-інвестара — завода «Палімір» ААТ «Нафтан» — сталі моцным штуршком для ўсебаковага дынамічнага развіцця гаспадаркі.

Удзельнікі мерапрыемства — дэлегацыі 16 сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна — наведалі вытворчыя аб’екты «Паліміра-Агра», што дазволіла ім бліжэй пазнаёміцца з гаспадаркай.

Сустракаючы гасцей на сучаснай малочнатаварнай ферме «Семянец», намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Полацкага райвыканкама Наталля Тышкевіч зазначыла, што гаспадарка штогод дасягае добрых вынікаў не толькі ў раслінаводстве, але і ў жывёлагадоўлі. Агульнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы — 2200 галоў, дойны статак — 850. МТФ Семянец з сучаснай даільнай залай, разлічаная на 530 галоў, пабудавана 8 гадоў таму. У мінулым годзе сярэдні ўдой на карову ў гаспадарцы склаў 5100 кг малака, сёлетнія паказчыкі — 106-107% да ўзроўню мінулага года. І па прагнозах, да канца года надоі складуць 5300-5400 кг малака.

Дырэктар гаспадаркі Віктар Яноўскі зазначыў, што сучасныя комплексы будуюцца дзеля скарачэння колькасці працуючых. На гэтай ферме жывёла ўтрымліваецца круглы год, у аўтаматычным рэжыме адначасова могуць даіцца 28 кароў. Сучаснае абсталяванне сельгасаб’екта дазволіла скараціць колькасць працуючых на ферме да мінімуму — 13 чалавек.

Госці таксама наведалі машынны двор гаспадаркі.

Зайграла музыка, па святочнай зале палілася наша, беларуская песня. Лепшыя артысты Полаччыны, услаўляючы працу хлебароба, падалося, спявалі душой. Высокім выканальніцкім майстэрствам, шчырымі словамі пра пачэсную сялянскую працу, пра якую спяваюць каласы, пра руплівы клопат капітанаў караблёў-камбайнаў і адміралаў палёў яны пакарылі залу, гледачы не адводзілі вачэй ад сцэны.

Ганаровае права прыняць галоўны сімвал свята — традыцыйны каравай з мукі новага ўраджаю — прадаставілі старшыні Полацкага райвыканкама Мікалаю Шаўчуку. Звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстасці, кіраўнік раёна засяродзіў увагу на тым, што дынамічнае развіццё сельскай гаспадаркі з’яўляецца асновай працвітання і незалежнасці нашай дзяржавы, таму праца на зямлі — важная і неабходная. На «Дажынках», па яго словах, падводзяцца вынікі вялікай працы, атрыманы ўраджай яскрава дэманструе, наколькі добра і якасна мы спрацавалі сёлета. У 2014 го­дзе ў Полацкім раёне намалочана 42 тысячы тон зерня — 112% да ўзроўню мінулага года. Сярэдняя ўраджайнасць — 26 цэнтнераў з гектара, што на 4 цэнтнеры больш за ўзровень 2013 года. Выраблена 4 тысячы тон алею з насення рапсу пры сярэдняй ураджайнасці 18 цэнтнераў з гектара.

Найбольшы валавы збор зерня забяспечылі ў філіяле «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» (дырэктар Аляксандр Калтуноў, галоўны аграном Тамара Макарава), дзе намалочана 4280 т зерня пры ўраджайнасці 34 ц/га, і ААТ «Кушлікі» (дырэктар Фёдар Завадскі, галоўны аграном Людміла Лісіцына), дзе намалочана 4005 тон пры ўраджайнасці 33,5 ц/га. Мікалай Шаўчук пажадаў працаўнікам палёў моцнага здароўя і новых поспехаў у працы.

Пераможцаў жніва-2014 шчыра, сардэчна віншаваў намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу Мікалай Баратынскі

Пераможцаў раённага спаборніцтва «Дажынкі-2014» па вытворчасці збожжавы і зернебабовых культур ушанавалі чырвонымі стужкамі, Ганаровымі дыпломамі ўпраўлення райсельгасхарчу і Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. У групе гаспадарак з валавым зборам збожжа больш за 3500 тысяч тон пераможцам стала ААТ «Кушлікі», на II месцы — ААТ «Новыя Гараны», на III месцы — УП «Палімір-Агра». Сярод гаспадарак з валавым зборам збожжа ад 1500 да 3500 тысяч тон дыплом пераможцы атрымала УП «П-С Карпекі». На II месцы — філіял «Мілк-Агра» ААТ «Полацкі малочны камбінат», на III — ААТ «Блізніца». У намінацыі «За дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці алейных культур» дыпломам за І месца ўзнагародзілі філіял «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў». На ІІ месцы — ААТ «Кушлікі», на ІІІ — ААТ «Мацюшы-Агра». За дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур сярод экіпажаў камбайнераў сельгаспрадпрыемстваў Ганаровымі граматамі ўзнагародзілі 3 экіпажы камбайнераў філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў»: старшага камбайнера Дзмітрыя Гароха і камбайнера Аляксандра Шыдлоўскага, старшага камбайнера Генадзя Івашкевіча і камбайнера Сяргея Быліны, старшага камбайнера Пятра Каркліня і камбайнера Валерыя Маліноўскага. Граматы атрымалі экіпажы ААТ «Кушлікі»: старшага камбайнера Пятра Навуміка і камбайнера Юрыя Панчанкі, старшага камбайнера Віталія Іванова і камбайнера Дзяніса Казлова, старшага камбайнера Аляксандра Каросціка і камбайнера Руслана Фукса. Ганаровай граматай узнагародзілі старшага камбайнера Уладзіміра Толсцікава і камбайнера Аляксандра Лабецкага з ААТ «Блізніца». У пераможцы выйшлі старшы камбайнер Аляксандр Галай і камбайнер Сяргей Бараноўскі, старшы камбайнер Міхаіл Баранаў і Раман Калінічэнка з ААТ «Новыя Гараны», а таксама старшы камбайнер Мікалай Марозаў з УП «П-С Карпекі». За дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур адзначылі вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія забяспечылі максімальныя аб’ёмы перавозкі збожжавых, зернебабовых і алейных культур: Мікалая Скарадзёнка з ААТ «Кушлікі», Дзяніса Шакалава з УП «Палімір-Агра» і Генадзія Даніленку з ААТ «Новыя Гараны».

За дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў і ў сувязі з раённым святам «Дажынкі-2014» Ганаровай граматай упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Полацкага райвыканкама ўзнагароджаны:
Аляксандр Глуздакоў, трактарыст-машыніст ААТ «Мацюшы-Агра»;
Аляксандр Чаўлытка, галоўны інжынер-механік сельскагаспадарчага УП «П-С Карпекі»;
Мікалай Котаў, трактарыст-машыніст філіяла «Мілк-Агра» ААТ «Полацкі малочны камбінат»;
Леанід Станкевіч, трактарыст-машыніст УП «Астроўшчына»;
Вольга Махаева, в.а. галоўнага агранома ААТ «Банонь-Агра»;
Іван Хамчаноўскі, трактарыст-машыніст КУСГП «Зялёнка»;
Уладзіслаў Пашкевіч, трактарыст-машыніст КУСГП «Зялёнка»;
Алег Перцаў, трактарыст-машыніст філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга»;
Аляксандр Паплеўка, трактарыст-машыніст ААТ «Полацкі аграсервіс»;
Мікалай Жураў, трактарыст-машыніст ААТ «Полацкі аграсервіс»;
Святлана Захарава, аграном УА «Полацкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельгасвытворчасці».

Усе атрымалі асалоду ад канцэрта, які быў падрыхтаваны з асаблівай любоўю, шчырасцю і ўдзячнасцю для тых, хто працуе з ранку да позняга вечара, каб з маленькага зярнятка вырасла магутнасць і сіла — хлеб надзённы, які, як вядома, усяму галава.

Аліна БАЛЬШАКОВА. Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *