У сёлетнюю сталіцу Дня беларускага пісьменства з’едуцца больш за 100 літаратараў з ўсёй Беларусі.

Главное

Святочны настрой у Саюзе пісьменнікаў Беларусі пануе ўсё лета. І нагода таму — Полацк, загадкавы і таямнічы, той самы, дзе ў першыя вераснёўскія дні пройдзе знакавы для беларусаў фэст — 500-годдзе айчыннага кнігадрукавання. Пісьменнікі рыхтавалі свае новыя творы, каб яшчэ раз пацвердзіць важнасць скарынаўскай справы, яе непераўзыдзенае сучаснае гучанне.

Сведчанне таму — і праведзены СПБ конкурс «Душой Скарыны ўзлашчанае слова», які з’яднаў вакол сябе самых розных творцаў. Дарэчы, у Полацку адбудзецца прэзентацыя аўдыёдыска, дзе галасамі знакамітых акцёраў — заслужанай артысткі Тамары Апіёк-Мікалаевай, акцёра і рэжысера беларускага радыё Алега Вінярскага, арты­сткі літаратурнага тэатра «Слова», уладальніцы медаля Францыска Скарыны Зінаіды Феакціставай-Каладзяжнай будуць агучаны лепшыя творы ўдзельнікаў конкурсу.
У сёлетнюю сталіцу Дня беларускага пісьменства з’едуцца больш за 100 літаратараў з ўсёй Беларусі. Да іх далучацца і замежныя пісьменнікі — прадстаўнікі больш чым дзесяці краін свету. 2 верасня на міжнародным «круглым стале» яны выкажуць пашану беларусам, якія маюць такую старадаўнюю культурную спадчыну і раскажуць пра шляхі развіцця пісьмен­ства ў сваіх краінах.
Слова пісьменніка будзе гучаць і днём раней. Сёлета прыкметнай акалічнасцю ў Полацку будзе тое, што ва ўрачыстай лінейцы, прысвечанай Дню ведаў «Мы ганаровае імя Скарыны нясём», прымуць удзел юныя чытальнікі, стаўшыя фіналістамі рэспубліканскага творчага конкурсу «Жывая класіка». Перад імі выступяць вядомыя майстры слова Міхась Пазнякоў, Навум Гальпяровіч. Пасля гэтага ў вандроўку па святочным горадзе дзяцей запросіць Ганаровы грамадзянін Полацка Навум Гальпяровіч.
Фінал конкурсу «Жывая класіка», які пройдзе ў Полацкім гарадскім Палацы культуры 2 верасня, абяцае быць цікавым і захапляльным. Больш за 13 тысяч школьнікаў прынялі ўдзел у творчым спаборні­цтве. І вось зараз стануць вядомыя імёны лепшых. Дарэчы, аднаму з чытальнікаў СПБ падтрыхтаваў спецыяльны прыз. Акрамя таго, пераможцаў конкурсу Міністэрства адукацыі заахвоціць пуцёўкамі ў аздараўленчы лагер «Зубраня». Канал «Сталічнае тэлебачанне» плануе прадставіць тэлеверсію гэтага праекта ў эфіры 3 верасня.
3 верасня ў Полацку для Саюза пісьменнікаў Беларусі абяцае таксама быць насычаным. У 13.00 на галоўнай пляцоўцы распачнецца цырымонія ўганаравання лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Імёны лепшых беларускіх аўтараў за кнігі, выдадзеныя ў 2016 го­дзе, журы вызначыла ў сямі намінацыях: «Проза», «Паэзія», «Драматургія», «Літаратурная крытыка і літаратуразнаўства», «Публіцыстыка», «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва», «Лепшы дэбют». Хто атрымае першынство? Вырашыцца ў Полацку. Дарэчы, менавіта падчас урачы­стасці старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец урычыць кіраўніцтву Полацка бібліятэчку, складзеную з твораў сучасных беларускіх аўтараў.
Саюз пісьменнікаў Беларусі таксама рады прадставіць літаратурна-музычную праграму «Як на свет нарадзіўся Янка» па матывах рок-оперы «Курган», непасрэднае дачыненне да стварэння якой мае знакаміты паэт Андрэй Скарынкін.
Творчую эстафету на галоўнай сцэне падхопіць цэлае сузор’е беларускіх паэтаў, членаў пісьменніцкага саюза. Да іх далучацца і сябры СПБ — артысты, музыканты. Напрыклад, Таццяна Атрошанка рыхтуе прэм’еру песні «Наш дом». З новымі песеннымі кампазіцыямі выйдзе на сцэну Кастусь Цыбульскі. Літаратурна-музычная кампазіцыя «Пісьменнікі — землякам» стане яшчэ адным своеасаблівым падарункам палачанам і гасцям свята ад майстроў мастацкага слова.
І яшчэ. 2 і 3 верасня на плошчы Францыска Скарыны— ля гарадскога фантана — на працягу ўсяго дня будзе праца­ваць творчая пляцоўка «Слова пісьменніка». Свае забаўляльна-пазнавальныя праграмы рыхтуе кожнае аддзяленне СПБ. Сярод найбольш актыўных выступоўцаў вядомыя літаратары Мікола Чарняўскі, Уладзімір Мазго, Тамара Бунта, Анатоль Зэкаў, Таццяна Дземідовіч, Анатоль Аўруцін, Сяргей Давідовіч, Наталля Касцючэнка, Маргарыта Латышкевіч, Валянціна Паліканіна, Ганад Чарказян, Мікола Шабовіч, Васіль Шырко, Іван Юркін і іншыя.
На пляцоўцы «Слова пісьменніка» прагучаць і ўзнёслыя вершы, і бардаўскія песні. Тут пісьменнікі будуць ладзіць аўтограф-сесіі, падчас якіх можна будзе набыць кнігі, атрымаць аўтографы, проста пагаварыць пра жыццё з мудрымі і доб­рымі людзьмі.

Алена Стэльмах, першы
намеснік старшыні Саюза
пісьменнікаў Беларусі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *