Уборачная кампанія на Полаччыне ідзе да завяршэння. Руплівыя аграрыі шчыруюць на хлебнай ніве. Побач з вопытнымі хлебаробамі ў сельгаспрадпрыемствах працуе і моладзь, якая стараецца не саступаць старэйшым калегам. Усяго ў гаспадарках Полацкага раёна на жніве задзейнічаны 10 маладых камбайнераў і 3 вадзіцеля.
Менавіта да іх са словамі падзякі за працу адправіліся старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Акімава і першы сакратар Полацкага райкама ГА «БРСМ» Ганна Сярко.
І першы прыпынак — адно з урочышчаў Полацкага аграрна-тэхнічнага каледжа. Тут мы сустрэліся з майстрам вытворчага навучання Аляксеем Дзмітрачонкам, які падчас жніва на МТЗ-1523 адвозіў зерне ад камбайнаў.
— Мне такая справа даспадобы. Цяжкасцей ніякіх не ўзнікала. А тое, што працоўны дзень быў да позняга вечара, гэта дробязі, — падзяліўся суразмоўца.
Дарэчы, Аляксей — хлопец мясцовы, скончыў Полацкі аграрна-тэхнічны каледж, потым па размеркаванні працаваў на Ушаччыне. І вось ужо 4 гады выкладае ў роднай навучальнай установе.
Таццяна Акімава і Ганна Сярко ўручылі Аляксею Дзмітрачонку сувеніры і выказалі словы падзякі за адказнасць і працавітасць.
Далей наш шлях ляжаў у ДП «Астроўшчына» да камбайнераў, якія, нягледзячы на маладосць, ужо вопытныя хлебаробы.
Так, Вячаслаў Леньшын працуе ў гаспадарцы з 2014 года, і уборачная кампанія-2024 для яго далёка не першая.
— Працаваў і памочнікам камбайнера, і на адвозцы зерня. І вось ужо другі год кірую камбайнам, — расказаў хлопец.
Для маладога хлебароба галоўнае не толькі хутчэй напоўніць бункер, але і ўбраць зерне без страт. Ён разумее, што кожная жменя збожжа надае вагі хлебнаму караваю. На адвозцы каштоўнага грузу ад камбайнаў працуе бацька Вячаслава — вопытны вадзіцель Аляксандр Леньшын, на яго рахунку тысячы тон перавезенага зерня. Не раз ён быў сярод лідэраў жніва ў раёне. Не першая гэта бітва за ўраджай і для Уладзіміра Глебкі, які сёлета працуе на новенькім камбайне.
— На сваім старым жалезным кані было неяк спрытней, — усміхаецца малады мужчына, — да любой тэхнікі трэба прывыкнуць. Галоўнае, каб не падводзіла, ды надвор’е спрыяла, тады і вынік будзе.