Ветэраны працы ў гаспадарках Полацкага раёна карыстаюцца асаблівай павагай.

Заботы сельские Люди

Бягучы тыдзень у сельгаспрадпрыемстве «Захарнічы» пачаўся з урачыстых хвілін на мехдвары ў гонар механізатара Сяргея Уладзіміравіча Кучарэнкі, які напярэдадні адзначыў 70-гадовы юбілей.

— Дзякуй вам вялікі за бездакорную працу, адданасць справе, — звярнуўся да юбіляра старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі.

Ён прывёз юбіляру Ганаровую грамату абласной прафсаюзнай арганізацыі, прэмію, кветкі. Да віншаванняў далучыліся калегі і прафсаюзны камітэт сельгасарганізацыі.

Сяргей Уладзіміравіч з кагорты працаўнікоў, якія не прывыклі да павышанай увагі. Ён спяшаўся ў поле, яго чакаў трактар з плугамі. Зараз, увосень, Сяргей Кучарэнка заняты на ўзворванні глебы, а летам працаваў з касілкай на нарыхтоўцы кармоў. Свайго «жалезнага каня» добра даглядае, своечасова рамантуе, а той, у сваю чаргу, спраўна працуе.

С.У.Кучарэнка — чалавек тутэйшы. У Захарнічах нарадзіўся, на роднай зямлі і шчыруе. Нейкі час працаваў у Полацку, на ліцейным заводзе, але яго цягнула ў вёску. Праца ў полі прыносіць асаблівую асалоду. Калі прыйшоў час ісці на пенсію, застаўся ў роднай гаспадарцы, не змог развітацца з любімай справай.
На пытанне, з якім настроем ён пачынае кожны дзень, юбіляр з усмешкай адказаў: «Заўсёды працую ад усёй душы».

Свой 70-ы дзень нараджэння, які выпаў на выхадны, ён адзначыў за сямейным сталом, а потом пайшоў на рыбалку, дзе яму ўсміхнулася ўдача. Сяргей Уладзіміравіч верыць у будучыню сельскай гаспадаркі. Ён упэўнены, што хлебаробская праца вечная. Паколькі ёсць зямля, трэба яе апрацоўваць, вырошчваць хлеб. Колькі яму наканавана лёсам прыносіць карысць малой радзіме? «Буду працаваць, колькі змагу!» — аптымістычна адзначыў віноўнік урачыстага моманту.