«Яднае нас любоў»… Пра парафію касцёла святога Андрэя Баболі

Духовность

Касцёльнае жыццё ў Полацку адноўлена і развіваецца. Напярэдадні аднаго з галоўных святаў карэспандэнт «ПВ» сустрэўся з ксяндзом Алегам Хмылко, памочнікам пробашча (вікарыем) касцёла святога Андрэя Баболі.

Гісторыя і сучаснасць

Доўгі час у Полацку не было касцёла, і таму вернікі збіраліся ва ўласных кватэрах, дамах, маліліся ля Сафійскага сабора або ўдзельнічалі ў набажэнствах у суседніх капліцах.

Рымска-каталіцкая парафія ў Полацку была створана ў 1989 годзе, дзяржаўную рэгістрацыю атрымала 30 мая 1990 года.

— Будаўніцтва касцёла пачалося ў Полацку ў 1994 го­дзе, пасля перадачы гарадской уладай каталіцкім вернікам будынка кінатэатра «Юбілейны». Пробашчам Полацкай парафіі быў прызначаны ксёндз Францішак Кісель,  — распавёў ксёндз Алег.

Праект будынка касцёла распрацаваў архітэктар В.А.Папруга. Вялікую ролю ў будаўніцтве сыграў ксёндз Хайнц Рындэрспахер, пробашч парафіі Св. Пятра Канізіуса ў горадзе-пабраціме Фрыдрыхсхафене. Дзякуючы нямецкаму бізнесмену Карлу Фрэнкелю ў касцёле з’явіўся арган, зроб­лена электрычная праводка, набыты лаўкі, узведзены алтар. Таксама Карл Фрэнкель падараваў Полацкаму касцёлу звон імя Святой Тэрэзы з Калькуты.

 — У 1997 годзе адбылася кансэкрацыя касцёла. На ёй прысутнічалі прадстаўнікі ўлады горада, дэлегацыя з Германіі. Кардынал Казімір Свёнтак асвяціў будынак пад тытулам Святога Андрэя Баболі,  — падкрэсліў наш суразмоўца.

Сёння каталіцкі касцёл адчынены для вернікаў, право­дзіць вялікую працу з моладдзю, парафія дапамагае хворым і ўсім іншым, хто мае патрэбу. Ужо больш за 30 год пробашчам з’яўляецца ксёндз Францішак Кісель.

 — Кожную нядзелю на Святой Імшы прысутнічае каля 300 вернікаў, у святочные дні бывае і болей. У Полацку хапае каталіцкіх вернікаў. Адзін з паказчыкаў, што парафія жыве,  — хрост, кожны год мы праводзім іх каля 50,  — распавядаў вікарый.

Адукацыя для ўсіх

Каталіцкае веранавучанне прызнае сем сакраментаў (асаб­лівых рытуалаў), праз якія Бог даруе ласку вернікам. Каб прыйсці да іх, неабходна прайсці навучанне.

 — Перад тым, як прыйсці да першай святой Камуніі, неабходна вывучыць малітвы, запаведзі, правілы паводзін у касцёле. Заняткі для дзяцей праводзіць сястра-манахіня па нядзелях, праграма разлічана на два гады. Аб’ектыўны парадак, якім кіруюцца ў парафіі, — гэта ўзрост дзяцей 9-10 гадоў. Урачыстасць першай Камуніі адбываецца ў канцы мая. Дзяўчаты ў белых сукенках і хлопцы ў белых альбах становяцца сведкамі вялікага цуду і прымаюць Цела Хрыста,  — адзначыў ксёндз Алег.

Ёсць групы для дарослых, дзе заняткі праходзяць з лістапада па красавік, курсы для тых, хто жадае падрыхтавацца да хросту, споведзі, паглыбіць веды.

На хорах

Спевы, якія выконваюцца падчас імшы, надаюць святочнаму абраду асаблівую атмасферу. Тэксты песень старанна падабраныя. У спевах выкарыстоўваюцца музычныя матывы, якія ствараюць атмасферу свята і падкрэсліваюць яго асаблівы характар.

— Наш хор складаецца з парафіян, арганісткай з’яўляецца Нэлі Баравік, акрамя таго ёсць і маладзёжны калектыў, які таксама рыхтуецца да ўрачыстасцей, спяваючы на сучасны лад,  — паведаміў святар.

Духоўныя заняткі

Падчас адвенту і вялікага посту ў парафіі праводзяцца Рэкалекцыі. Выбіраецца тэма, і на працягу трох дзён яна раскрываецца больш падрабязна. Абавязкова запрашаюцца ксяндзы з іншых парафій, пропаведзі больш працяглыя.

— На Рэкалекцыі бывае шмат людзей, яны паглыбляюцца ў тэму, прыходзяць да споведзі, такім чынам свята яны сустракаюць духоўна пад­рыхтаванымі,  — падкрэсліў ксёндз Алег.

Рэкалекцыі сталі добрай нагодай, каб падрыхтавацца духоўна да надыходзячага свята Божага Нараджэння, пераасэнсаваць сваё жыццё.

Традыцыі

Ёсць у каталіцкіх парафіях і свае традыцыі. Напрыклад, кожны лістапад, у апошнія выхадныя, праходзіць Дзень моладзі. Ён святкуецца на Свята Хрыста  — уладара Сусвету. Да гэтай даты прымеркавана шмат мерапрыемстваў. У Полацк прыязджае біскуп Віцебскай дыяцэзіі, зачытваецца пасланне Папы Рымскага, прахо­дзяць духоўная канферэнцыя, сутрэчы, размовы, дыскатэка. Абавязкова праводзіцца служба, чытаюцца малітвы.
Адзначаюцца ў парафіі і Дні сям’і, у гэтым годзе свята выпадае на 31 снежня. Ёсць традыцыя падчас адвенту збіраць пад ёлкай дары парафіян (цукеркі, шакалад), якія потым развозяцца хворым, старым людзям, па сацыяльных прытулках.

Шлях пілігрымаў

Слова «пілігрымка» знаёмае бадай што кожнаму каталіку, таму што адразу асацыіруецца з доўгім падарожжам, напоўненым малітвамі, спевамі. Пілігрымы здзяйсняюць сваё духоўнае падарожжа для розных мэтаў. Гэта і просьбы пра здароўе для сябе і сваіх блізкіх, перапрашэнне за грахі і правіны, падзяка Богу, іншыя інтэнцыі. Традыцыйны шлях полацкай парафіі — Полацк-Будслаў. У 2023  годзе ў ім прынялі ўдзел каля 80 чалавек, прайшлі 140 км за пяць дзён. Таксама палачане далучаюцца да іншых пілігрымаў — ідуць да Росіцы, Браслава.

…Днямі сустракалі ў полацкім касцёле Віфлеемскі агонь міру, запалены ад нязгаснай лампады ў храме нараджэння Хрыста ў Віфліеме. Гэты агонь з’яўляецца знакам Божай любові, бо ён не толькі дае святло, але і паказвае шлях да Бога.

Інтэр’ер касцёла, а таксама ўваходную браму распрацаваў і запраектаваў Валяр’ян Янушкевіч. Ён выканаў абраз Маці Божай, які зараз знаходзіцца ў галоўным алтары, крыж на ўваходзе, з нагоды юбілейнага 2000 года зрабіў ба­рэльефы «Пакутнікі за веру» на ўваходных дзвярах, якія асвяціў біскуп Уладзіслаў Блін. Пяць фрэсак выканаў мастак Уладзімір Кандрусевіч, яшчэ тры —  Валяр’ян Янушкевіч.
Побач з касцёлам святога Андрэя Баболі размяшчаецца манастыр Ордэна Служабніцы Езуса ў Эўхарыстыі. Там пражываюць чатыры сястры-манахіні. Яны дапамагаюць па гаспадарцы ў парафіі, праводзяць заняткі для дзяцей, рыхтуюць з дзяўчынкамі і хлопчыкамі батлейкі да свята Божага Нараджэння.