Жывёлавод ААТ «Новыя Гараны» Полацкага раёна ўдастоена звання «Чалавек года Віцебшчыны»

Люди

Апошні тыдзень выдаўся асабліва шчаслівым для нашай зямлячкі Надзеі Косцюшавай — жывёлавода ААТ «Новыя Гараны» Полацкага раёна. За некалькі дзён адбыліся значныя падзеі, якія жанчына будзе памятаць усё жыццё. Паведамленне пра тое, што яна намініравана на званне «Чалавек года Віцебшчыны-2015», узрадавала, адначасова здзівіла і вельмі ўзрушыла душу. Не верылася, што сціплая штодзённая праца на ферме можа прынесці такі гучны поспех.

Гонар за роднага чалавека ахапіў усю сям’ю Надзеі Канстанцінаўны: шчыра віншаваў сваю любімую жонку муж Міхаіл, які працуе ў ААТ «Новыя Гараны» механізатарам, узрадаваліся працоўнай перамозе маці дачка-студэнтка Дыяна і сын-школьнік Захар. Радасць поспеху раздзялілі з На­дзеяй дырэктар гаспадаркі Вісарыён Нам і калегі па працы, якія ганарацца, што ў намінацыі «Агра­прамысловы комплекс» ме­навіта На­дзея Косцюшава праславіла іх сельгаспрад­прыемства і ўвесь Полацкі раён. Дарэчы, намінацыя, у якую ўвайшлі працаўнікі сельскай гаспадаркі і аграпрамысловага комплексу, сярод 20  была самая шматлікая: ганаровае званне атрымалі 15 чалавек.

У ААТ «Новыя Гараны» сям’я Косцюшавых пераехала з Шумілінскага раёна. Надзея з мужам вырашылі шукаць лепшай долі на новым месцы жыхарства. Дома Надзея працавала ў бібліятэцы, бухгалтарам, а тут зга­дзілася на працу ў сельскай гаспадарцы. Спачатку шчыравала на складзе, потым перайшла на ферму. Цяпер яе пасада — аператар па дарошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы ці, калі назваць прасцей, цялятніца. Бычкі і цялушкі становяцца яе гадаванцамі ва ўзросце ўсяго 20 дзён. Маленькіх, бездапаможных падапечных, якіх толькі аднялі ад маці, Надзея імкнецца акружыць увагай, клопатам і любоўю. Рацыён самых маленькіх — цёпленькае малачко, як крыху падрастуць — пачына­юць есці духмянае сена, муку. Па выніках мінулага года сутачныя прывагі цялят яе групы склалі 732 грамы (+49 грамаў да ўзроўню 2014 года).

Як лаўрэат прэстыжнай прэміі дасягнула такога выніку? Надзея Косцюшава лі­чыць, што яе гадаванцы паспяхова прыбаўлялі ў вазе дзякуючы, у першую чаргу, якасным кармам і створаным добрым умовам утрымання маладняку буйной рагатай жывёлы, а таксама ўважліваму стаўленню да стану здароўя жывёл ветурача гаспадаркі. За адчувальную дапамогу ў працы Надзея ўдзячная свайму напарніку Сяргею Вароне. Сама жанчына штодзень сочыць, каб усе яе 200 падапечных напіліся ды наеліся. Калі якая цялушка захварэла — аператар выклікае доктара. Надзея расказала, што навучылася вызначаць хворых па вачах і па паводзінах. Вопыт дапамагае ёй убачыць хваробу на самых ранніх стадыях.

Надзея можа доўга расказваць пра сваіх падапечных. І ра­стуць яны па-рознаму, і кожны свой нораў мае. Напярэдадні дня, калі мы былі на ферме, цялятам абразалі рогі. «Яны і сёння яшчэ не могуць апамятацца ад гэтай працэдуры», — пракаментавала іх неспакойныя паводзіны Надзея Канстанцінаўна. Цяляты перанеслі стрэс, і яна ім шчыра спачувае.

Калі бычкі дасягаюць вагі не менш за 70 кілаграмаў, іх перадаюць на комплекс у суседнюю гаспадарку «Гараны-Агра», а цялушкі гадуюцца, пакуль не набяруць вагу 350 кілаграмаў. Потым іх перавозяць на сваю ферму «Залессе», і ўжо там вырашаецца далейшы лёс маладых каровак. «Спачатку, як толькі прыйшла на працу ў цялятнік, было вельмі шкада развітвацца з гадаванцамі. Нейкая трывога была ў сэрцы: а раптам не бу­дуць добра даглядаць? Цяпер ужо прывыкла», — расказала Надзея.

На ўрачыстай цырымоніі ў Віцебску падчас уручэння Ганаровых дыплома, знака і цудоўнага букета з чырвоных руж, у хвіліну славы, калі Надзею запрасілі на сцэну, старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў спытаў: «Цяжка працаваць, так?». У адказ яна толькі кіўнула галавой. У тыя хвіліны Надзея ніяк не магла справіцца з хваляваннем, якое ахапіла. Але адначасова яна адчувала і гонар. За сябе, за галіну, у якой працуе, за родны калектыў, за ўвесь Полацкі раён. Станоўчых эмоцый у той дзень дабавіў цудоўны канцэрт.

Назаўтра ва ўзвышаным настроі Надзея прыйшла на працу. Яна ўдзячная калегам, якія яе падтрымалі, павіншавалі. У іх гаспадарцы яна — ужо шосты па ліку лаўрэат ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны». Шосты год запар прадстаўнікоў ААТ «Новыя Гараны», якія паказваюць прыклад усім жывёлаводам Полаччыны, віншуюць з высокай ўзнагародай… Такая слава — толькі за шчырую, сумленную, самаадданую працу!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *