Жывёлаводы Полаччыны у ліку лепшых вобласці

Заботы сельские Люди

У мінулую пятніцу ў Віцебску на традыцыйны ўрачысты сход работнікаў жывёлагадоўчай галіны Віцебскай вобласці сабраліся больш за 100 перадавікоў. У іх ліку былі і лепшыя працаўнікі гаспадарак Полацкага раёна.

“Стаўку трэба рабіць на жывёлагадоўлю. На мясную, малочную вытворчасць, — адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. – Гэта адна з самых высокатэхналагічных галін увогуле ў эканоміцы. Таму ёсць над чым працаваць, вынікі павінны быць лепшыя. Сёння ў абласным цэнтры сабраліся спецыялісты, хто ў няпростых умовах дасягнуў выдатных паказчыкаў. Іменна выдатных, падкрэсліваю”.

Мерапрыемства праходзіла ў Віцебскай ордэна “Знак пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны – навучальнай установе, дзе набывалі веды большасць спецыялістаў, якіх запрасілі на ўрачыстасты сход. Вынікі працы ветурачоў, заатэхнікаў, працаўнікоў малочных і свінагадоўчых ферм, птушкафабрык, аператараў машыннага даення і перапрацоўчых прадпрыемстваў АПК прадставілі на выставе-дэгустацыі малочнай і мясной прадукцыі прадпрыемстваў Віцебшчыны. 

Са святочнай сцэны гучалі словы падзякі ў адрас лепшых жывёлаводаў Прыдзвінскага краю, якія штодзень умацоўваюць харчовую бяспеку краіны і забяспечваюць экспартны патэнцыял, ад старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Субоціна, прадстаўнікоў і кіраўнікоў міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, Віцебскага канцэрна “Мяса-малочныя прадукты”, Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК, Аграпрамысловага саюза.

Вырасціць з цялушкі высокаўдойную карову – задача не з лёгкіх. Але спецыялісты і жывёлаводы, улюбёныя ў сваю працу, з ёю спраўляюцца. Аператар машыннага даення кароў ААТ “Новыя Гараны” Эдмунд Паўлінь, да прыкладу, аддаў галіне жывёлагадоўлі 38 гадоў. Ён адкрыў сакрэт працоўнага поспеху (удой на карову ў замацаванай за ім групе за мінулы год – больш за 9,5 кг малака): “Трэба, каб былі кармы, а таксама — захоўваць усе тэхналогіі і абавязкова любіць жывёлу”.

Зала не шкадавала апладысментаў для герояў сённяшняга дня, якія для дасягнення высокіх надояў і прывагаў выкарыстоўваюць асаблівыя веды, досвед і захоўваюць тэхналагічную і працоўную дысцыпліну.

За заслужанай ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама на сцэну ўзнімаўся Эдмунд Паўлінь, аператар машыннага даення ААТ “Новыя Гараны”. Яго калегу па працы Веру Скрыпялёву і галоўнага заатэхніка ААТ “Кушлікі” Анатоля Хламёнка ўзнагародзілі ганаровымі граматамі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама. Таццяну Цімохіну з філіяла “Гараны-Агра” ААТ “Полацкі камбінат хлебапрадуктаў” і Надзею Бяльчонак, жывёлавода з гэтай жа гаспадаркі, ушанавалі ганаровымі граматамі Віцебскага канцэрна “Мяса-малочныя прадукты”. Адзначыў лепшых працаўнікоў ферм і Віцебскі абласны камітэт прафсаюза работнікаў АПК: Ганаровыя граматы грамадскай арганізацыі ўручаны Таццяне Бяляевай, аператару машыннага даення УП “Палімір-агра” і Людміле Парфенцьевай, жывёлаводу філіяла “Гараны-Агра” ААТ “Полацкі камбінат хлебапрадуктаў”. Ганарову грамату Аграпрамысловага саюза атрымала Марыя Жаткіна, аператар па вырошчванні і адкорму маладняку буйной рагатай жывёлы УП “П-С “Карпекі”.