Зімоўцы жывёлы ў Полацкім раёне надаецца належная ўвага

Заботы сельские

Валавая вытворчасць малака ў гэтыя пераднавагоднія дні па Полацкім раёне дасягнула 116 431 кг, што адпавядае 105,8% да ўзроўню мінулага года. За выключэннем адной (э/б «Ветрынская») 11 гаспадарак плюсуюць па малаку.

Каб убачыць, як каровы пераносяць зімоўку, мы накіраваліся на ферму «Мікуліна» ААТ «Кушлікі».

— Малако для нас — выгадны прадукт. «Малочныя» грошы даюць адміністрацыі гаспадаркі магчымасць павысіць людзям зарплату, — расказвае галоўны заатэхнік гаспадаркі Анатоль Хламёнак (на фота). — Дзеля павышэння выторчасці «белага золата» мы імкнемся стварыць усе ўмовы. Каб жывёлам зімавалася камфортна, загадзя падрыхтавалі ўсе жывёлагадоўчыя памяшканні — пафарбавалі, дзе было неабходна — адрамантавалі, уцяплілі дзверы і вокны. Тут, на ферме «Мікуліна», высокая столь, крыху халаднавата, але для жывёлы спрыяльная тэмпература і паветра свежае. Па надоях цалкам па гаспадарцы мы плюсуем — атрымліваем малака 116,6% да адпаведнага перыяду мінулага года, пагалоўе жывёлы засталося на мінулагоднім узроўні. У перыяд вялікіх маразоў арганізоўваем дзяжурства спецыялістаў гаспадаркі, кантралюем працу ферм у начны час.

Першыя некалькі дзён нованароджаныя цяляты знаходзяцца тут, на ферме, а потым мы іх перавозім у каранціннік, які здадзены ў эксплуатацыю ў студзені гэтага года, дзе для цялят усе выгоды — вада з падагрэвам, малочнае таксі, пастэры­затар.

Мы напаткалі на працоўным месцы аператара машыннага даення кароў Аксану Лебядухіну. Гэтая маладая жанчына па выніках працы ў мінулым месяцы (сярэдні ўдой на карову за месяц склаў 605 кг малака) выйшла пераможцай абласнога вытворчага спаборніцтва сярод маладых ­даярак.

— На гэтай ферме я ўжо чатыры гады завіхаюся ля рагуль, — расказала 32-гадовая Аксана Васільеўна. — У маёй групе 48 першацёлак.

Праца на раздоі самая складаная для даярак, але не для Аксаны Лебядухінай. Яна прывыкла спраўляцца з цяжкасцямі, знайшла падыход да сваіх падапечных. Расказала, што ёсць каровы, якія да­юць больш за 30 літраў малака за суткі. Самая малочная з іх раніцай дае 14-15 літраў, апоўдні — амаль 10 і вечарам 7-8 літраў. «Каб усе каровы былі такія высокапрадукцыйныя!» — па­дзялілася марай ­жанчына.

— На гэтай ферме я ведаю ўсё і магу зрабіць для кароў, што неабходна, — сцвярджала Аксана Васільеўна. — Для жывёл галоўнае — своечасовае кармленне (у зімовым меню — кукурузны сілас, сянаж мнагалетніх траў, сена, салома), догляд і ўвага жывёлаводаў. Імкнемся выконваць свае абавязкі старанна — і рагулі даюць больш малака.

Колькі Аксана Лебядухіна працуе ў гаспадарцы — столькі і ходзіць у перадавіках. Імкнецца добра працаваць, каб атрымаць добрую зарплату. Яна — клапатлівая маці дваіх дзяцей-школьнікаў. Сям’я жыве ў кватэры, якую вы­дзеліла гаспадарка. «Вельмі ўдзячная дырэктару гаспадаркі Фёдару Завацкаму за дапамогу маёй сям’і, імкнуся аддзячыць адказнай працай. Мы з калегай самі раскідваем корм, чысцім кармушкі, апілкі раскідваем. Гэта мой адказ на ваша пытанне, адкуль на маіх руках мазалі», — з усмешкай кажа перадавая даярка.

— Алгарытм працы спецыялістаў і жывёлаводаў у зімовых умовах вызначаны даўно і выконваецца дакладна, — распавёў начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Мікалай Баратынскі. — За гаспадаркамі раёна на перыяд стойлавага ўтрымання жывёлы замацаваны спецыялісты полацкіх ветстанцыі і племстанцыі, інтэграванага аб’яднання, начальнікі некалькіх аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў. Патрабаванні да іх — не толькі выяўляць недахопы і праблемы, якія маюцца ў гаспадарках, але і дапамагаць іх вырашаць. Замацаваныя спецыялісты здаюць у райвыканкам справаздачу, выказваюць свае прапановы ў вырашэнні пытанняў. Яны наведваюць фермы, кантралю­юць вытворчую і тэхналагічную дысцыпліну жывёлаводаў. Не сак­рэт, што адказнае стаўленне да справы аказвае ўплыў на вынік. Малако — галоўны стратэгічны прадукт, і яго вытворчасць заўсёды была і будзе ў цэнтры ўвагі.