Для жыхаркі Полацкага раёна Таццяны Дуброўскай ферма стала стыхіей

Год белорусской женщины Заботы сельские Люди

Таццяна Дуброўская, брыгадзір малочнатаварнай фермы «Кауны» УП «П-С Карпекі», пры нашай сустрэчы шчыра прызналася, што не ўяўляе сябе без працы ўвогуле, а ферма — яе стыхія.

У 2009 годзе яна з мужам прыехала з Міёрскага раёна на пастаяннае месца жыхарства ў аграгарадок Карпекі. Тут яны набылі дом. Праца ў галіне сельскай гаспадаркі прыйшлася па душы.

Таццяна Дуброўская даўно на заслужаным адпачынку, але гэта толькі па ўзросце, у душы адчувае сябе маладой і плануе яшчэ некалькі год прыносіць плён сваёй гаспадарцы і Полацкаму раёну.

На нейкі час яна змяніла род заняткаў, папрацавала ў галіне гандлю, але, як толькі паступіла прапанова прыйсці брыгадзірам на новую ферму, згадзілася, не раздумваючы. Сюды перайшлі былыя яе калегі са старой фермы: Галіна Шчэрбік, Георгій Дуброўскі, Алена і Пётр Красько. Тут зразумелыя абавязкі, любімыя рагулі. На гэтай ферме створаны добрыя ўмовы для ўтрымання жывёлы і для працы персаналу.

Таццяна Антонаўна  — прыро­джаны брыгадзір, патрабавальная да сябе і падначаленых. Прывыкла да парадку ў дакументах і працоўнай дысцыпліны на ферме. Выказала задавальненне, што штат фермы ўкамплектаваны спецыялістамі, аператарамі машыннага даення, жывёлаводамі.

«Начальнік не можа быць для ўсіх аднолькава добрым. Заўсёды імкнуся знаходзіць кампраміс, некаму я саступаю, нехта — мне», — расказывала пра адносіны з калегамі Таццяна Дуброўская. 

На ферме працуюць 25 чалавек, абслугоўваюць 524 жывёлы. Графік працы аператараў машыннага даення  — трохразовае даенне, без выхадных. У 5 гадзін раніцы пачынаецца першая дойка, у 9 гадзін даяркі едуць дамоў, жывёлаводы завіхаюцца ля рагуль, а палове дванаццатай зноў прыязджаюць даяркі, раздаюць муку, рыхтуюцца да другой дойкі, якая пачынаецца а палове першага. Вячэрняя дойка — у палове сёмай гадзіны вечара. Абавязак жывёлаводаў — падкідваць кармы, сачыць за чысцінёй і парадкам у памяшканнях.

Зараз гаспадарка «П-С Карпекі» — адна з лідараў па вытворчасці малака ў Полацкім раёне. Тут атрымліваюць сярэдні ўдой ад каровы амаль  23 кг за суткі, сутачны валавы надой — 17 800 кг «белага золата». 

Калектыў у іх дружны, узаемадапамога даўно стала традыцыяй. Узорныя адносіны да працы дэманструюць аператары машыннага даення Марыя Маняк, Галіна Шчэрбік, Алеся Каласёнак, Юлія Малько, усе жывёлаводы. Большасць працуючых на ферме жыве ў Карпеках, адна жанчына прыяз­джае на працу з горада, тры — з Новых Гаран. Дастаўка на працу ажыццяўляецца транспартам сельгаспрадпрыемства.

Брыгадзір паведаміла, што заўсёды цікавіцца навінамі полацкага рэгіёна, пастаянна чытае і нашу газету. Быць гераіняй рэпартажу — для яе вялікі гонар.