На два дні верасня ў фае Азінскага сельскага Дома культуры заквітнелі… гартэнзіі

Культура

На два дні верасня ў фае Азінскага сельскага Дома культуры заквітнелі… гартэнзіі. Выставу «Каляровы настрой» арганізавалі члены клуба кветкаводаў «Камелія» СДК пад кіраўніцтвам Святланы Цішаловіч (на фота).

Дарэчы, гэта не першая выстава гартэнзій. Упершыню яна прайшла летась, дзе былі прадстаўлены каля 30 гатункаў гэтых кветак. Сёлета наведвальнікаў уразіла іх разнастайнасць — больш за 70 экзэмпляраў. А галоўным экспанентам стала старэйшына вёскі Азіна Наталля Чарнышова. Гартэнзіі — гэта яе любоў і захапленне. На ўчастку каля дома радуе вока і падымае настрой больш за 110 гатункаў гэтай цудоўнай дэкаратыўнай расліны. І кожны год іх колькасць павялічваецца.

На выставе былі прадстаўлены пяшчотныя ружовыя гартэнзіі, гордыя белыя розных адценняў, яркія блакітныя, бардовыя, нават рознакаляровыя суквецці, ад карлікавых (да 40 см у вышыню) да высакарослых гатункаў (да 2 м). Удзел у выставе са сваімі раслінамі таксама прынялі члены клуба Таіса Мурашкевіч, Таццяна Бердашкевіч, Вольга Кірпічонак, Ірына Галубіеўская і іншыя. Сярод наведвальнікаў была праведзена бяспройгрышная латарэя, галоўны прыз — шыкоўны новы гатунак гартэнзіі мяцельчатай «Металіка» — выйграла Алена Дземяшчонак з Наваполацка. Але ніхто з удзельнікаў не застаўся без выйгрышу — іншыя гартэнзіі, кветкі і іх насенне заўсёды спатрэбяцца на дачных сотках.

А «каралевай гартэнзій», па выніках галасавання наведальнікаў, стала «Строберы Блосам», адна з самых дэкаратыўных і прыцягальных гатункаў. Як паведаміла Святлана Цішаловіч, такія выставы — ужо традыцыя «Камеліі». Значыць, знаёмства са светам кветак будзе працягвацца.