…А вакол — непраходныя лясы. Гэтыя сосны, здаецца, тут спакон вякоў. Можа, яны помняць, як у страшныя гады Вялікай Айчыннай вайны супраць фашысцкіх карнікаў змагаліся партызаны — беларусы, рускія і латышы. Менавіта тут у гонар баявога сяброўства, умацаванага кроўю, 55 год таму закладзены Курган Дружбы.
Сонца ў першую нядзелю ліпеня не шкадавала цеплыні. Аўтобусы і легкавыя аўтамабілі прыязджалі адзін за адным. Радасныя ўсмешкі сяброўскіх сустрэч, абдымкі, поціскі рук… Звон медалёў, успаміны, якія назаўжды засталіся ў памяці… Прайшло 70 год з дня, калі Беларусь вольна ўздыхнула ад нямецкіх катаў. Тыя, хто сабраўся ў той дзень на Кургане Дружбы, — гэта людзі, каму за чыстае неба над галовамі мы мусім казаць бясконцае дзякуй.
Ветэраны і ўдзельнікі вайны з Беларусі, Расіі і Латвіі (сярод якіх — і актывісты Полацкай раённай ветэранскай арганізацыі пад кіраўніцтвам Галіны Пятроўны Муравей) у пяцьдзясят пяты раз сустрэліся на мяжы трох краін. Тады, у 1959 годзе, мяжы гэтай фактычна не існавала. Сёння ж латвійскі бок недасягальны. Краіны раздзяліла жоўтая пластыкавая стужка і маленькая, у адзін крок, рачулка Сіняя. Ды хіба можа хоць якая перашкода знішчыць еднасць Перамогі, значнасць Свабоды, якую заваявалі ў вайну нашы дзяды і прадзеды?..
Захоўваць вернасць традыцыям пакалення пераможцаў — залог міру. Заклік «Беражыце мір!» стаў лейтматывам усяго мерапрыемства. Гэтыя словы, бадай, самыя важныя з тых, што склалі пасланне нашчадкам, змешчанае ў камень з наказам адкрыць праз 45 год — на 100-годдзе Кургана Дружбы. Капсулу з гэтым пасланнем побач з помнікам камсамольцам урачыста заклалі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец і часова выконваючы абавязкі губернатара Пскоўскай вобласці Андрэй Турчак.
Госці ўсклалі кветкі да помнікаў падпольшчыкам вёскі Прошкі (беларуская тэрыторыя), партызанцы Марыі Пынта (Расія), а таксама перадалі на латышскую зямлю вянкі да помніка Герою Савецкага Саюза Іманту Судмалісу. Пасля на галоўнай сцэне мемарыяльнага комплексу, што знаходзіцца на тэрыторыіі Себежскага раёна Расійскай Федэрацыі, выступілі Аляксандр Косінец, Андрэй Турчак, а таксама прадстаўнік дэлегацыі Латвіі — старшыня Даўгаўпілскага таварыства ўдзельнікаў вайны Іван Церахаў. І зноў гучала: «Давайце рабіць усё, каб захоўваўся мір!»…
Да 55-годдзя сустрэч на Кургане Дружбы стварылі памятны медаль, які ўручылі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і тым, хто зрабіў значны ўнёсак у развіцце мемарыяльнага комплексу. У ліку іншых медаль атрымалі і 18 ветэранаў Полаччыны.
Важная падзея адбылася на сёлетняй юбілейнай сустрэчы: капліцу Сергія Раданежскага, якую пабудавалі на расійскім боку, асвяціў дабрачынны Невельскай акругі, настаяцель храма Святой Троіцы протаіерэй Пётр. Аб будаўніцтве капліцы кіраўнікі Віцебскай і Пскоўскай абласцей дамовіліся ў красавіку.
Для ўдзельнікаў сустрэчы адбыўся святочны канцэрт, падрыхтаваны творчымі калектывамі Беларусі і Расіі. Вялікую культурную праграму падарылі гасцям самадзейныя калектывы УП «Віцебскаблгаз».
А пасля канцэрта ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі дэлегацый усіх трох краін, па традыцыі запалілі Вогнішча Сяброўства. Вечар працягваўся ўспамінамі пра страшныя падзеі вайны, якімі дзяліліся ветэраны…
Кожны раз, калі даводзіцца сустракацца з тымі, чый лёс апаліла Вялікая Айчынная вайна, не спыняюся здзіўляцца мужнасці і няскоранасці гэтых людзей. Шаноўны ўзрост не замінае ім прымаць удзел у разнастайных акцыях і мерапрыемствах, паездках, дзяліцца ўспамінамі з моладдзю. У год, калі Беларусь адзначае 70-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, асабліва важна быць сапраўдным патрыётам, у самым чыстым сэнсе гэтага слова — гэта значыць, што мужнасць і гераізм, праяўленыя ветэранамі ў той страшнай вайне, мусяць быць для нас, сённяшняга пакалення, самым важным прыкладам.
Ігар ПАЛЫНСКІ (тэкст і фота).
Полацк — Курган Дружбы (Верхнядзвінскі раён Беларусі, Себежскі раён Расіі) — Полацк.