У гаспадарках Полацкага раёна ідзе пастаноўка жывёлы ў памяшканні

Заботы сельские

Аналіз інфармацыі па вытворчасці малака за апошнія дні паказвае, што значна знізіліся
надоі каштоўнага прадукту ва ўсіх гаспадарках Полацкага раёна. Калі ў летні перыяд гаспадаркі прадавалі дзяржаве 140 т малака, то зараз —  толькі 124 т.

Прычын такога становішча некалькі: каровы ў полі, кароткі светлавы дзень, халоднае надвор’е, нізкая спажыўнасць травяністых кармоў.

На бягучым тыдні актыўна вялася пастаноўка жывёлы з летніх пашаў на зімне-стойлавае ўтрыманне. З 44 статкаў, якія маюцца ў Полацкім раёне, 25 ужо ў памяшканнях. Першымі справіліся з гэтай адказнай справай жывёлаводы сельгаспрадпрыемстваў «Кушлікі» і «Гараны-Агра». Упраўленнем па сельскай гас­падарцы і харчаванні Полацкага райвыканкама пастаўлена задача ўсім гаспадаркам да канца тыдня перавесці на фермы ўсю жывёлу. Пасля кароў — на працягу 3-5 дзён — будуць пераведзены з поля 16 статкаў цялушак.

Сітуацыю пракаментавала намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталля Тышкевіч:
— Чакаюцца дажджы, начныя замаразкі да 4 оС. Пасвіць кароў у полі пры такім надвор’і забаронена. Нягледзячы на наяўнасць травастою, нават з канюшынай, ён у асеннюю пару — пусты, без энергіі. Ад яго малака мы не атрымаем. На жаль, у шэрагу нашых гаспадарак няма магчымасці набыць канцэнтраты, каб дадаваць іх да травяністых кармоў. Таму на фермах выраўняць рацыён кармлення жывёлы будзе праблематычна. Увогуле, сёлетняя зімоўка прагназуецца складаная.

Адпаведна з рашэннем Полацкага райвыканкама за жывёлагадоўчымі фермамі Полацкага раёна замацаваны работнікі Полацкага райвыканкама з мэтай кантролю за ўтрыманнем жывёлы. Адпаведна з дакументам, рэйды ў сельгаспрадпрыемствы павінны адбывацца не толькі днём, але і ў начны час.