У канюшынным краі

Главное Заботы сельские

Канюшына… Хто з нас не ведае гэтую прыгожую траву? У далёкім дзяцінстве мы разбіралі кветкі-шарыкі ружовага колеру на часткі і спрабавалі іх на смак. Салодзенькія! Калі пасталелі, даведаліся, што канюшына — карысная трава для лячэння і прафілактыкі многіх хвароб. Але ў нашым матэрыяле пойдзе размова пра канюшыну лугавую з сямейства бабовых як пра корм для жывёлы.

Столькі чырвонай канюшыны, як на палях сельгаспрадпрыемства «ПС-Карпекі», няма больш нідзе ў Полацкім раёне. З акна аўтамабіля дырэктара гаспадаркі Аляксандра Кавалёва мы любаваліся ружовым дываном, які раскінуўся на вялікай плошчы.
— Гэта канюшына сорту «Віцябчанін». Наш любімы з галоўным аграномам Інай Гена­дзьеўнай сорт: падыходзіць па спажыўных рэчывах, па тэрмінах спеласці, па гушчыні, — расказвае Аляксандр Ераставіч.
Мы спыніліся ва ўрочышчы Сафонава. Тут канюшына займае 45 га, а ўвогуле ў гаспадарцы пад гэтую культуру аддалі 300 га. Яшчэ столькі яе падсеялі пад яравыя і азімыя культуры.
Аляксандр Кавалёў расказвае, што канюшына мае высокую спажыўную каштоўнасць. Канюшынныя кармы багатыя на пратэін, вітаміны, мінеральныя ўгнаенні. Акрамя гэтага, канюшына — найбольш даступны рэсурс падтрымання і нарошчвання ўрадліва­сці глебы, дапамагае вырашыць праблему недахопу бялку. І што самае галоўнае — гэтая культура дае высокія ўраджаі.
— Мы самі здзівіліся, што другі ўкос другога года карыстання так добра ўрадзіў, — расказвала галоўны аграном Іна Ванславовіч.
Мы падзівіліся на сцябліны вышынёй каля 70 сантыметраў
са складаным лісцем, з густымі кустамі. Моцныя, глыбока ся­дзяць у глебе. Прыемны, нават мядовы водар ад ружовых кветак-шарыкаў распаўсюдж­ваўся далёка наўкола.
Аляксандр Кавалёў на практыцы ўпэўніўся, што жывёла з задавальненнем спажывае гэты карысны корм, растуць прывагі і павялічваецца вытворчасць малака.
«Пасеяць канюшыну, падсілкаваць, вырасціць ура­джай — адна справа, а яшчэ важна ўбраць з захаваннем тэхналогіі і правільна захаваць. Нашы механізатары ўжо навучыліся працаваць з гэтай культурай», — задаволена расказваў дырэктар.
На ўборцы травы працавалі Андрэй Пузака і Іван Юхно. У адзі­н голас мужчыны сцвярджалі, што сёлетні ўраджай канюшыны іх парадаваў. Каб захаваць спажыўнасць, нарыхтоўка корму вядзецца ў сырым выглядзе.
Іван Юхно заняты на адвозцы зялёнай масы, за дзень паспявае зрабіць больш за 10 рэйсаў. Працуе ў гаспадарцы «ПС-Карпекі» амаль 6 год. Пераехаў у Полацкі раён з Міёршчыны. Дзеці ўжо дарослыя. Гаспадарка выдзеліла дом, для працы прадаставілі новы трактар.
А Андрэй Пузака — тутэйшы. Аддаў гэтай гаспадарцы 29 гадоў жыцця. Працуе на роднай зямлі з задавальненнем. Прызнаўся, што цвіценне канюшыны яму падабаецца, але больш яму па душы час веснавой сяўбы.


На другім полі працавалі вопытны механізатар Ігар Фера­нец і малады Пётр Сініца. Малодшы працуе ў гаспадарцы нядаўна, з сёлетняй вясны. Прафесію механізатара засвойваў у Шаркаўшчыне, у Відзах. Умее добра працаваць на любой сельскагаспадарчай тэхніцы. «У тым, што кукуруза сёлета добра расце — заслуга Пятра Сініцы, — пахваліў маладога мужчыну дырэктар. — Вясной ён вельмі старанна, акуратна працаваў з гэтай культурай — і вынік у нас перад вачыма».
Старанна трамбаваў каню­шыну Уладзімір Яблонскі. Ён ведае, што гэты працэс таксама мае вялікае значэнне для захавання спажыўных рэчываў корму.
Ва ўрочышчы Сафонава мы пазнаёміліся з механізатарам Віктарам Шчэрбікам. І ён пацвердзіў, што канюшына вырасла ўсім на зайздрасць. Віктар Віктаравіч — працаўнік вопытны, калісьці ва Ушацкім раёне быў загадчыкам мехмайстэрні. На пытанне, ці любіць ён сваю справу, мужчына з усмешкай адказаў: «Канешне, я ж з любой тэхнікай на «ты». Па слядах бацькі пайшла і дачка, якая з задавальненнем водзіць аўто, а пры неабходнасці рамонту звяртаецца па дапамогу да бацькі. Жонка Галіна працуе тут жа ў гаспадарцы даяркай. Нядаўна ў іх сям’і было свята, таму што на раённым малочным фестывалі яна атрымала падарунак і прэмію, як лепшая працаўніца.
Яшчэ адзін наш новы знаёмы — Мікалай Марозаў. У гаспадарцы працуе восьмы год. «Галоўнае — ёсць праца. А што рабіць — няма ніякай розніцы», — выказаў сваё жыццёвае крэда механізатар. І расказаў, што, акрамя працы, яму прыносіць задавальненне сямейнае жыццё. Яны з жонкай выхоўваюць 4-гадовага сына, вырошчваюць агародніну.
Усе механізатары выказвалі вялікі дзякуй за двухразовае харчаванне, якім іх забяспечваюць на працоўным месцы. Сёлета абеды і вячэры гатуюць для іх дзве прывабныя жанчыны — вопытная Антаніна Феранец і маладая памочніца Паліна Кукуць. Жанчыны імкнуцца накарміць удзельнікаў уборачнай не толькі смачна, але і сытна. У той дзень, калі мы былі ў гасцях у гаспадарцы, яны гатавалі страву з назвай «грузінчыкі». На нашых вачах Паліна наразала на ка­валкі рулет з мясным начыненнем. «Кожнаму дастанецца па 5 штук смакаты!» — усміхалася Антаніна Пятроўна. І расказала, што часценька яны частуюць механізатараў стравамі беларускай кухні. Кожны дзень жанчыны кормяць каля 25 чалавек, а ў гарачы час уборкі хлеба гэтая лічба павялічыцца да 40. «Нічога, вопыт ёсць, настрой — таксама. Справімся!» — запэўнілі нас працавітыя жанчыны.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *