Час бяжыць незаўважна, не паспеем азірнуцца — і вясна на парозе, пачатак сяўбы. Але напаткаць знянацку полацкіх хлебаробаў цёплай пары не давядзецца. Ужо зараз, у студзеньскія дні, ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах Полацкага раёна актыўна ідуць рамонты сельскагаспадарчай тэхнікі, каб увесну, калі прыгрэе сонейка, своечасова выехаць у поле.
На мінулым тыдні за гэтай адказнай справай мы напаткалі працаўнікоў УП «Палімір-Агра». «Калі прыязджаю ў гаспадарку, кантралюю ход рамонтаў, нагадваю, што ўсё трэба рабіць адпаведна з дзяржаўнымі стандартамі. Звяртаю асаблівую ўвагу на тэрміны пастаноўкі тэхнікі на захоўванне. Спецыялісты «Паліміра-Агра» заўсёды рамантуюць агрэгаты якасна, калі і бываюць недахопы — то нязначныя», — падкрэсліў начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Васіль Кандаураў.
Дырэктар «Паліміра-Агра» Віктар Яноўскі распавёў, што рамонт заўсёды вядзецца адпаведна з дэфектовачнымі актамі, якія складаюцца напярэдадні пастаноўкі тэхнікі на доўгатэрміновае захоўванне. Рамонт ажыццяўляюць у тры этапы: да 1 лютага трэба адрамантаваць глебаапрацоўчую і пасяўную тэхніку. Мы ўбачылі ў мехмайстэрні два глебавых агрэгаты, два плугі і культыватар. За кожнай адзінкай тэхнікі замацаваны механізатар, створана рамонтнае звяно ў складзе токара, зваршчыка і двух слесараў. Малады газаэлектразваршчык Аляксандр Казлоў вырабляў наканечнік стойкі для чызельнага культыватара. Да справы падышоў прафесіянальна, выказаў упэўненасць, што вырабленыя ім дэталі праслужаць пару сезонаў. Расказаў, што задаволены ўмовамі працы. На двары мароз, а ў мехмайстэрні камфортная для працы тэмпература, у пакоі для адпачынку можна выпіць гарачага чаю, у санітарным пакоі таксама цёпла, працуе душ. Аляксандр уладкаваўся ў гаспадарку два гады таму, ужо прывык і ганарыцца, што ўносіць плён у агульную справу.
Для галоўнага інжынера гаспадаркі Яўгена Антоненкава УП «Палімір-Агра» стала першым месцам працы пасля заканчэння Горацкай сельгасакадэміі. Малады спецыяліст год працаваў загадчыкам рамонтных мехмайстэрняў, потым заняў пасаду галоўнага інжынера. Яўген кантралюе ход рамонту, займаецца забеспячэннем запчастак. Расказаў, што рамонты вядуцца адпаведна з устаноўленымі тэрмінамі, усе, хто працуе ў майстэрні, — прафесіяналы ў сваёй справе.
Віктар Яноўскі падкрэсліў, што падрыхтоўку да вясны гаспадарка вядзе за свае сродкі. Інвестар — завод «Палімір» ААТ «Нафтан» — не адмаўляе ў дапамозе ў аварыйных сітуацыях і дапамагае аплочваць крэдыты.
У лютым механізатары пачнуць другі этап рамонтаў — будуць рамантаваць раскідвальнікі ўгнаенняў, дыскатары, глебаапрацоўчыя агрэгаты — пачнуць падрыхтоўку да першага сакавіка — даты правядзення дзяржаўнага тэхнічнага агляду. Гэтае мерапрыемства — сур’ёзны экзамен для механізатараў. Завершыць рамонты трэці этап, калі механізатары возьмуцца за рамонт камбайнаў. Гэтая праца чакае спецыялістаў ужо ў чэрвені.
На мехдвары «Паліміра-Агра» ўся тэхніка стаіць роўненькімі радамі пад дахам. У цёмны час сутак тэрыторыя асвятляецца. Гаспадарчы і прафесіянальны падыход да справы дырэктара і спецыялістаў сельгаспрадпрыемства адчуваецца ва ўсім.